ІТАЛЬЯ́НСКІ ПАХО́Д БАНАПА́РТА 1796—97,
баявыя дзеянні франц. арміі на чале з ген. Н.Банапартам (гл. Напалеон I) супраць аўстра-сардзінскіх войск у Паўн. Італіі ў вайну 1792—97 Францыі з 1-й антыфранц. кааліцыяй (Аўстрыя, Англія, Расія, Сардзінскае каралеўства, Каралеўства абедзвюх Сіцылій і інш.). Ініцыіраваны Банапартам, армія якога (каля 42 тыс. чал.) у крас. 1796 разбіла войскі Сардзінскага каралеўства (П’емонт) і вымусіла яго заключыць сепаратны мір. У маі Банапарт разграміў аўстрыйцаў каля Лодзі, заняў Мілан. У бітвах пры Кастыльёне, Раверэта, Басана, Аркале, Рывалі ён разграміў аўстр. войскі і ў лют. 1797 вымусіў гарнізон Мантуі капітуляваць, у сак. 1797 разгарнуў наступленне на Вену. Паводле заключанага 17.10.1797 міру (каля в. Кампаформіо, ПнУ Італіі) Аўстрыя ўступала Францыі б.ч. Паўн. Італіі і Аўстр. Нідэрланды, аднак атрымлівала як кампенсацыю Зальцбург, ч. Баварыі, б.ч. ліквідаванай Венецыянскай рэспублікі. Іанічныя а-вы і землі ў Албаніі адышлі да Францыі.
Літ.:
Тарле Е.В. Наполеон. Мн., 1992. С. 31—50.
т. 7, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)